Крэмль «не разглядае як вартыя даверу» тэлеграм-каналы, што апублікавалі відэа з трупам падлетка на плошчы ў чачэнскай вёсцы Ачхой-Мартан, забітага пасля нападу на супрацоўнікаў мясцовай дарожна-патрульнай службы. Так пракаментаваў ролік прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў.
Асцярожна! Відэа змяшчае жорсткія кадры
— Дакладна мы не хацелі б арыентавацца на інфармацыю, якую распаўсюджваюць апазіцыйныя тэлеграм-каналы. Не разглядаем гэтыя крыніцы як вартыя даверу. Іншай інфармацыі не маем, — сказаў Дзмітрый Пяскоў.
Сябра Савета правоў чалавека пры прэзідэнце Расіі Ева Меркачова назвала тое, што адбылося ў Ачхой-Мартане, «дзікунствам» і «сярэднявеччам».
— Ніякім нормам права гэта не адпавядае і не можа адпавядаць. Чалавецтва развівалася, каб адысці ад кроўнай помсты, ад пакаранняў смерцю і таго, каб выстаўляць жорсткасць на ўсеагульны агляд. Так што тое, што адбываецца, па-мойму, — гэта культурны і цывілізацыйны крок назад. І галоўнае, што гэта абсалютна не працуе. Шматлікія даследаванні пацвердзілі: жорсткія пакаранні не скарачаюць колькасці злачынстваў. Але яны раз’юшваюць грамадства і могуць падняць узровень агрэсіі да некантраляванага, — сказала яна «Газете.ру».
Нагадаем, відэа з падлеткам 9 красавіка апублікаваў апазіцыйны чачэнскі тэлеграм-канал Niyso. Паводле яго інфармацыі, цела юнака пакінулі на плошчы ў Ачхой-Мартане, куды сагналі мясцовых бюджэтнікаў.
Раней ЧДТРК «Грозный» паказаў у эфіры фатаграфію 17-гадовага падлетка, які, як сцвярджаецца, напаў на пост ДПС. Кадыраў заявіў, што падчас атакі нападнік быў забіты, а яго дзеяннямі нібыта кіравалі нейкія людзі, якія знаходзяцца ў Турцыі, і грамадзянін Украіны. Кіраўнік Чачні прыгразіў «кожнаму з іх» «суровым адказам».
Напад на пост ДПС у вёсцы Ачхой-Мартан адбыўся ўвечары 7 красавіка. Пацярпелі двое супрацоўнікаў ДПС, абодвух шпіталізавалі, потым адзін з іх памёр. Паводле інфармацыі Niyso, раніцай улады «сагналі бюджэтнікаў» на мітынг у цэнтры горада.